На Бацькаўшчыне роднае слова цяпер прыглушанае з-за асцярогі, што праз яго можна апынуцца пад увагай сілавікоў. А эмігрантаў стрымлівае звужэнне магчымасцяў ужытку мовы. Дык што – тупік? Досвед нашых славутых сучаснікаў і папярэднікаў сведчыць пра іншае.
Так, асяродак рускамоўны, але ж гены беларускія!
Тут можна прывесці шмат розных прыкладаў, але згадаем адзін толькі сюжэт. Што праўда, ён знітоўвае адразу некалькі эпох і выбітных асоб.
Мінск, Траецкае прадмесце, Музей Багдановіча. Над яго экспазіцыяй пашчыравала шмат рупліўцаў беларускай літаратуры і гісторыі. Аднак найбольшы ўнёсак належыць хіба Алесю Бяляцкаму, які кіраваў установай дзясятак гадоў на самым пачатку яе стварэння.

Пра тое шмат хто ведае, але ці спрабавалі вы праводзіць паралелі паміж беларускім набеліянтам і геніем нашае паэзіі менавіта з моўнага гледзішча?
Іх падзяляе амаль век, але колькі падабенства абставінаў і дзеянняў, учынкаў!
Максім хоць і нарадзіўся ў Мінску, аднак рос і вучыўся ў Яраслаўлі і Ніжнім Ноўгарадзе. А вось радзіма Алеся – паўночна-заходні ўскраек Расіі, Карэлія. То бок, абодва зведалі моцны ўплыў рускамоўнага асяродку. Аднак генная памяць бацькоў-беларусаў не спала.

У Багдановіча яна сілкавалася найперш праз кніжкі, бо тата меў выдатную бібліятэку, у тым ліку і беларускія выданні. А яшчэ адбіваўся лад жыцця: гаспадары дома, іхныя госці з эмігранцкага асяродку часцяком карысталіся беларускімі прымаўкамі, расказвалі народныя казкі, адзначалі святы па-беларуску…
Чытайце таксама: «Хочацца, каб мы скарылі ўвесь Беласток сваімі строямі». Ці складана вышыць традыцыйную кашулю сваімі рукамі
Што да Бяляцкага, то яшчэ да школы сям’я вярнулася на родную Гомельшчыну, атабарыліся ў Светлагорску. Але ж і тут панавала зусім не родная мова. Аднак яе плынь была бліжэй: сваякі бацькоў жылі ў вёсцы, і калі Алесь прыязджаў туды гасцяваць, то апынаўся ў зусім іншым свеце:
«Там не проста гаварылі па-беларуску, там гаварылі танальна, павышаючы ці паніжаючы тон голасу ў канцы ці напачатку фразаў. Гэта было чыста эстэтычнае захапленне ад беларускай мовы. І таму пазней ніколі не ўспрымаў тое, што чуў часам пра яе: грубая, маўляў, немілагучная, неразвітая. Ды поўная лухта! Беларуская мова, якую я чуў ад простых вясковых людзей, была прыгожая, метафарычная, значна багацейшая за квадратныя, бедныя, нежывыя канструкцыі рускай мовы, на якой размаўлялі ў горадзе перавучаныя беларусы».

«Па-беларуску не гавару, але ўсё разумею»
Амаль гэткія самыя пачуцці адчуваў Багдановіч, калі ўрэшце прыехаў пасля расійскай гімназіі ў Вільню, а адтуль на запрашэнне братоў Луцкевічаў у фальварак Ракуцёўшчына пад Маладзечна, дзе пражыў лета. Пабачыў беларускія краявіды, пазнаёміўся з тамтэйшымі вяскоўцамі, іх побытам, пачуў жывую народную гаворку.
Гэты яго перыяд – вельмі важны ўрок для нас, цяперашніх.
Хто не чуў такое прызнанне: «Па-беларуску не гавару, але ўсё разумею!». Дык вось Максім на момант свайго прыезду ў Беларусь хоць і быў прызнаным у нацыянальным асяродку паэтам, які з падтрымкі Купалы шмат друкаваўся ў «Нашай Ніве», аднак гаварыць не мог. Ён вучыўся размаўляць на роднай мове ўжо ў 20-гадовым узросце!
Дырэктар музею спадар Бяляцкі тлумачыў: гэтак нават праз вельмі доўгі час змушанага стрымлівання Асоба расшыфравала закладзены ў яе прыродай нацыянальны, беларускі код. Але ў выпадку Багдановіча вельмі важна, што і ў Расіі па-беларуску ён думаў.
Фактычна Алесь рабіў тую выснову, бо абапіраўся і на свой уласны досвед: таксама прынцыпова загаварыў на роднай мове амаль 20-гадовым, калі быў студэнтам. Вучыўся беларускаму гаварэнню фактычна сталым чалавекам. Праўда, у адрозненне ад Максіма, не ў Вільні з яе выразнай беларушчынай, а ў цалкам зрусіфікаваным на той савецкі час Гомелі.
Зараз многім цяжка паверыць, аднак калі Бяляцкі сказаў сваім сябрам-студэнтам, што пераходзіць на матчыну мову, дык яму не паверыў нават трохі старэйшы Анатоль Сыс: «Кінь, не выдурняйся, усё адно ў цябе нічога не атрымаецца!» Але ж адбылося па іншаму. Як і ў Сыса, што праз дзясятак гадоў стане слынным беларускім паэтам.
Будучы набеліянт пазней напіша:
«Вядома, мова была толькі вяршыняй айсберга, пад якой хаваўся значна большы, аб’ёмнейшы кантэкст. Мова была відавочнай, легальнай маркаю, праз якую выразна адчувалася: мы хочам бачыць Беларусь сапраўды беларускай!”
Бачыце, як паўтараецца сітуацыя: Максім на пачатку стагоддзя, Алесь з Анатолем ды іншымі сябрамі-студэнтамі пры яго канцы апынуліся амаль у адной моўнай пастцы, але ўсе вырваліся з яе, дзякуючы ўпартай і цяжкай працы над сабой, сваімі ведамі.
Чытаць таксама: Тэст: Напіцца піва і выбраць самы доўгі агурок. Пазнай мясціны па гастранамічных брэндах Беларусі
Багдановіч моўна і літаратурна пачынаў расці на ранняй паэзіі Купалы, Бяляцкі прасякаўся беларускасцю на творчасці Караткевіча, які «паказаў чароўны і таямнічы свет схаванай ад мяне, амаль страчанай радзімы… Праз Караткевіча і захапіўся сваім, родным, нацыянальным – і мовай, і гісторыяй, яшчэ не ведаючы добра ні адной, ні другой, але ўжо глыбока эмацыйна адчуваючы ўсю веліч храма беларушчыны».

Роднае слова звычайна ідзе за Беларушчынай
Тут дарэчы лёс яшчэ адной яскравай асобы – аўтаркі нацыянальнага гімна «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай. Бо яна таксама некалькі гадоў пражыла ў Яраслаўлі і там захапілася творчасцю Багдановіча, шмат у чым менавіта пад яго ўплывам пачала пісаць вершы па-беларуску. Хаця сама – руская, род яе ад Лермантава.
Алесь Бяляцкі не аднойчы згадваў тое вось з якой прычыны.
Калі Максім быў у Вільні, то пазнаёміўся з выбітнымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння – баратамі Луцкевічамі, пісьменнікам Ластоўскім, мовазнаўцам Эпімахам-Шыпілам… Волаты беларускага духу моцна натхнілі бліскучага маладога паэта.
Нешта падобнае здарылася і з Арсенневай: яна таксама ўрэшце апынулася ў Вільні, стала вучыцца ў славутай Беларукай гімназіі.
Літаратар Уладзімір Арлоў так тлумачыць адметнасць гэтага перыяду ў жыцці абодвух:
– Тут выпадак, вельмі добра знаёмы нам, сённяшнім, калі найперш выхоўваецца беларушчына, а мова, валоданне ёю нават на самым высокім, віртуозным узроўні ідзе ўжо ўслед за беларускім духам. Тое магутна адбілася на творчым лёсе як Багдановіча, так і Арсенневай.
Што да апошняй, дык яна найяскравы прыклад таго, як можа пераўтварыць моладзь, у тым ліку і нашу цяперашнюю, добрая беларуская адукацыя: Наталлі выкладалі розныя дысцыпліны Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч… Невыпадкова з гімназіі таго часу выйшлі Максім Танк, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Валянцін Таўлай, Кастусь Акула, Раман Семашкевіч, Лявон Луцкевіч… Выснова наступная: каб жылі беларуская мова і дух, мы мусім нарэшце стварыць Беларускі нацыянальны ўніверсітэт, правобразам якога і сталася гімназія. Тым больш, высокакваліфікаваных нацыянальных кадраў цяпер за мяжой досыць. Як і моладзі, так і ўжо сталых людзей, што адчуваюць пакліканне роднага слова.

Ідэя вартая ўвагі грамады. Могуць запярэчыць, напрыклад, што летась у Магілёве ў беларускамоўныя класы запісаліся толькі шасцёра вучняў. Але мы памятаем і тое, што 30 гадоў таму 80 працэнтаў першакласнікаў пайшлі ў класы з выкладаннем на матчынай мове. А далей адкат: адразу рэанімацыя «чырвонага чалавека», зараз – татальны наступ на ўсё нацыянальнае.
З іншага боку, маем досвед суседзяў: у акупаваных расійцамі тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай абласцей ці не кожны другі школьнік заявіў пра жаданне вучыцца на ўкраінскай мове – тут найперш уплыў бацькоў. І хто сказаў, што ў нас усё роднае ўрэшце задушаць?
Каб не мелі веры ў Беларушчыну, у беларускае слова Багдановіч і Арсеннева, то мы не мелі б ні «Слуцкіх ткачых», ні «Магутнага Божа».
А каб зняверыўся Бяляцкі, то засталіся б і без дзясятка беларускамоўных кніг самога Алеся, і без музею вялікага нацыянальнага паэта.
Чытайце таксама: Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»
Дарэчы, адкрыўся ён 8 снежня 1991 году. Пад апладысменты паўтары тысячы чалавек у Тэатры оперы і балета старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч абвясціў: вуліца Горкага пераймянуецца ў вуліцу Максіма Багдановіча… Апладысменты, хор выконвае славутую «Пагоню». А на наступны дзень у Белавежскай пушчы моўчкі ляснуў Савецкі Саюз. Хіба маглі тады сучаснікі ўявіць такое?
Па праўдзе – не спадзяваліся. Але ж працавалі на тое!
І размова тут не толькі пра Бяляцкага з паплечнікамі, але і пра Багдановіча, і пра Арсенневу.
Бо ўсіх іх, такіх розных па лёсе і часе, на грунце нацыянальнага, моўнага яднае жывая вера ў беларускае адраджэнне, усвядомленую адраджэнскую місію. Гэтаму ўвесь час нешта замінае: войны, рэпрэсіі, іншыя забурэнні, але, як бачым, сувязь не перарываецца. Зараз эстафету перадалі нам.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: