У 2026/27 навучальным годзе ў школах Брэсцкай вобласці будуць вучыцца больш за 162 тыс. дзяцей. Такую лічбу агучыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч. Прыкладна 13,7 тыс. з іх — першакласнікі.
Чытайце таксама: Як змянілася колькасць школьнікаў у Брэсцкай вобласці за пяць год
На першы погляд, розніца з папярэднім годам можа здавацца невялікай. Але калі паглядзець на дынаміку за некалькі гадоў, можна заўважыць сур’ёзную тэндэнцыю: пасля перыяду адноснай стабільнасці колькасць школьнікаў у рэгіёне пачала прыкметна падаць.
Ад росту да рэзкага змяншэння
Паводле звестак, якія ў розныя гады агучвалі дзяржаўныя і рэгіянальныя медыя, колькасць вучняў у школах Брэсцкай вобласці змянялася так:
- 2020/21 — каля 169 тыс. школьнікаў;
- 2021/22 — каля 170 тыс.;
- 2022/23 — 171,6 тыс.;
- 2023/24 — каля 171,6 тыс.;
- 2024/25 — 172,2 тыс.;
- 2025/26 — 168,6 тыс.;
- 2026/27 — 162 тыс..
У 2022 годзе ў школах вобласці навучаліся 171,6 тыс. дзяцей — на 2 тыс. больш, чым годам раней. У 2024/25 навучальным годзе колькасць школьнікаў вырасла да 172,2 тыс.
А вось пасля гэтага пачалося змяншэнне.
У 2025/26 навучальным годзе за парты селі 168,6 тыс. вучняў. Гэта на 3,6 тыс. менш, чым годам раней.
А ў новым навучальным годзе, паводле апошніх агучаных дадзеных, школьнікаў будзе ўжо каля 162 тыс.
Такім чынам, за два гады — з 2024/25 да 2026/27 навучальнага года — колькасць вучняў можа скараціцца прыкладна на 10,2 тыс. чалавек. Гэта амаль 6%.
Найбольшы спад — менавіта цяпер
Цікава, што яшчэ некалькі гадоў таму дынаміка была іншай. З 2021/22 да 2024/25 колькасць школьнікаў у Брэсцкай вобласці не змяншалася, а, наадварот, паступова павялічвалася.
У 2022 годзе ў школах было 171,6 тыс. вучняў. У 2024 годзе — ужо 172,2 тыс.
Але ў 2025 годзе колькасць знізілася да 168,6 тыс., а цяпер чакаецца яшчэ большы спад — да 162 тыс.
То-бок асноўная тэндэнцыя апошніх шасці гадоў выглядае не як роўнае змяншэнне колькасці дзяцей. Спачатку быў невялікі рост і стабілізацыя на ўзроўні каля 170–172 тыс. школьнікаў, пасля чаго пачалося больш прыкметнае падзенне.
Асабліва выразна гэта відаць пры параўнанні двух апошніх гадоў: мінус 6,6 тыс. вучняў за адзін год.
Першакласнікаў таксама становіцца менш
Яшчэ больш паказальнай можа быць сітуацыя з першакласнікамі.
У 2024/25 навучальным годзе ў школы Брэсцкай вобласці прыйшло каля 16 тыс. першакласнікаў. У 2025/26 годзе іх было ўжо каля 15 тыс.

У 2026/27 годзе чакаецца каля 13,7 тыс. дзяцей, якія ўпершыню сядуць за школьныя парты.
За два гады гэта азначае змяншэнне прыкладна на 2,3 тыс. першакласнікаў, або амаль на 14%.
Менавіта колькасць дзяцей, якія толькі пачынаюць навучанне, дазваляе лепш убачыць будучую дынаміку. Калі першакласнікаў становіцца менш, праз некалькі гадоў гэта адбіваецца і на агульнай колькасці школьнікаў.
Чаму гэта адбываецца?
Адна з галоўных прычын — агульная дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі.
У апошнія гады ў краіне скарачаецца колькасць насельніцтва, а нараджальнасць застаецца нізкай. Гэта не можа не адбівацца на сістэме адукацыі: дзеці, якія павінны былі б сёння ісці ў першы клас, нарадзіліся прыкладна шэсць-сем гадоў таму.
Пры гэтым нават адносна высокія паказчыкі нараджальнасці ў Брэсцкай вобласці не азначаюць хуткага развароту сітуацыі.
У 2025 годзе сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў Брэсцкай вобласці склаў 1,34 дзіцяці на адну жанчыну — гэта быў найвышэйшы паказчык сярод рэгіёнаў Беларусі. За год у вобласці нарадзіліся 9285 дзяцей.
Але для простага ўзнаўлення насельніцтва гэты ўзровень недастатковы.
Чытайце таксама: Чаму ў Брэсцкай вобласці нараджаецца больш дзяцей? Беларусы абмяркоўваюць статыстыку Белстата
Што будзе са школамі?
Змяншэнне колькасці дзяцей можа мець наступствы і для самой сістэмы адукацыі. У першую чаргу гэта тычыцца невялікіх школ у сельскай мясцовасці, дзе колькасць вучняў і без таго невялікая.
Меншая колькасць дзяцей азначае меншыя класы, а ў некаторых выпадках — неабходнасць аб’ядноўваць класы, змяняць структуру школы або арганізоўваць падвоз вучняў у іншыя населеныя пункты.
Пры гэтым улады Брэсцкай вобласці працягваюць укладваць значныя сродкі ў адукацыйную інфраструктуру. Напрыклад, у 2025 годзе ў рэгіёне паведамлялі пра рамонт школ, абнаўленне абсталявання і будаўніцтва новых адукацыйных аб’ектаў.
У 2026/27 навучальным годзе для падвозу 12,2 тыс. дзяцей з сельскай мясцовасці будуць задзейнічаныя 316 школьных аўтобусаў. Але колькасць новага транспарту і адрамантаваных школ не змяняе галоўнага паказчыка: дзяцей школьнага ўзросту ў рэгіёне становіцца менш.
Агульная колькасць настаўнікаў па краіне таксама не расце, а паступова змяншаецца, згодна з дадзенымі Белстата. Гэта, у сваю чаргу, пакідае для іх высокую нагрузку. Для параўнання: у 2020 годзе колькасць настаўнікаў складала 57 540 чалавек, а ў 2024 годзе — на 2 484 менш.
Яшчэ некалькі гадоў таму Брэсцкая вобласць мела больш за 170 тыс. школьнікаў і нават дэманстравала невялікі рост. Аднак за два гады колькасць вучняў зменшылася больш чым на 10 тыс. чалавек.
Чытайце таксама: У Беларусі працягваюць прадаваць дзіцячыя садкі і школы. Чаму вёскі застаюцца без дзяцей?
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: