У Чэрыкаўскім і Дрыбінскім раёнах беларуская мова фактычна адсутнічае ў грамадскім транспарце і яго інфраструктуры. Назвы прыпынкаў, расклад руху, інфармацыйныя шыльды і паведамленні для пасажыраў выкананыя выключна на рускай мове.
Чытайце таксама: «Вярніце мне маю родную мову»: У Брэсце абурыліся рускамоўнымі табло ў тралейбусах
На гэта звярнуў увагу грамадскі актывіст Ігар Случак, вядомы як «моўны інспектар», які атрымаў афіцыйныя адказы ад мясцовых уладаў.
Абодва райвыканкамы прызналі, што беларуская мова ў грамадскім транспарце не выкарыстоўваецца, аднак заявілі, што не лічаць гэта парушэннем заканадаўства.
У Чэрыкаве спаслаліся на закон
Старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Аляксей Жэрнасекаў паведаміў, што ўсе шыльды з назвамі прыпынкаў, расклад руху грамадскага транспарту, тэкставая інфармацыя для пасажыраў і інфармаванне ў салонах ажыццяўляюцца на рускай мове.

Паводле чыноўніка, гэта адпавядае Закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які дазваляе выкарыстоўваць як беларускую, так і рускую мову.
Такім чынам, у райвыканкаме лічаць, што падстаў для змянення існуючай практыкі няма.
У Дрыбіне згадалі «моўную практыку»
Падобны адказ даў і старшыня Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Чыгір.
Ён таксама адзначыў, што выкарыстанне рускай мовы не супярэчыць заканадаўству. Акрамя таго, чыноўнік спаслаўся на «моўную практыку ў рэгіёне».

У выніку ў Дрыбінскім раёне ўсе назвы прыпынкаў, расклады руху і інфармацыя для пасажыраў таксама аформлены выключна па-руску.
Вусных абвестак няма ўвогуле
Асобна Ігар Случак пацікавіўся, ці аб’яўляюцца ў грамадскім транспарце назвы прыпынкаў і іншая неабходная інфармацыя. У адказ Дрыбінскі райвыканкам паведаміў, што такая форма інфармавання наогул не выкарыстоўваецца.
Як адзначыў Дзмітрый Чыгір, гэта звязана з «асаблівасцямі арганізацыі перавозак» і тым, што вусныя аб’явы не прадугледжаныя тэхналагічнымі працэсамі перавозчыка.
Як вынікае з інфармацыі чыноўніка, пасажыры не чуюць назваў прыпынкаў ні на беларускай, ні на рускай мове.
З адказаў абодвух райвыканкамаў вынікае, што мясцовыя ўлады не плануюць пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў грамадскім транспарце. Замест гэтага яны спасылаюцца на нормы заканадаўства, якія дазваляюць выбіраць адну з дзвюх дзяржаўных моў, а таксама на мясцовую практыку арганізацыі пасажырскіх перавозак.
Чытайце таксама: Беларуская мова ў дзіцячых садках Брэста: колькі дзяцей выхоўваюцца па-беларуску?
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: