Вольга Філатчанкава — мінчанка, 45 гадоў. Адзіная выкладчыца, затрыманая і асуджаная на 2,5 гады па “справе студэнтаў”*. За кратамі навучала аднакамерніц танцам народаў свету і ладзіла Каляды. Дома Вольгу чакалі двое дзяцей.
Мільён смайлікаў
Як вы давалі рады з тым, што вашыя дзеці растуць без вас? Як вы сябе супакойвалі і суцяшалі?
Вольга Філатчанкава: Мае дзеці былі ў добрых руках, таму мне было прасцей. Я ведала, што з імі ўсё ўпарадку, што іх любяць, іх песцяць. Потым прыйшлося перавыхоўваць Машку, бо такая ўжо разбэшчаная была. Усе над ёю трэсліся. Гэта вельмі вялікая дапамога, калі ведаеш, што твае дзеці ў парадку.
А як дзяцей супакоўвалі і суцяшалі тыя, хто пра іх клапаціўся?
Вольга Філатчанкава: Ну, Машы спачатку не казалі, што я ў турме, а потым прызналіся. Але ў мяне з ёю была сувязь праз лісты. Я асобны ліст ці паштовачку кожны дзень ёй пісала. Таму яна ведала, што я жывая і што я яе люблю. Кожны раз я дасыла ёй мільён смайлікаў, мільён сардэчак, пісала, што яна ў мяне самая лепшая. Была нітачка паміж намі, і, мне здаецца, што ёй было прасцей.

Вы адчувалі віну за тое, што не па сваёй волі, але давялося дзяцей пакінуць?
Вольга Філатчанкава: Не, не адчувала. Таму што я не вінаватая ў тым, што я — шчыры чалавек. І што існуюць людзі, якім шчырасць стаіць папярок горла.
З сынам вы сустрэліся ўжо тут, у Варшаве. Якой была гэтая сустрэча?
Вольга Філатчанкава: Так, калі я ўсё ж такі збегла з краіны, ён нас сустрэў. Гэта было, канешне, вельмі кранальна. Я так сумавала. Ён стаў зусім дарослым.
З Машай было па-іншаму?
Вольга Філатчанкава: Так. Маша была дома. І калі я вярнулася, яе бабуля з дзядулям якраз прывялі ад сябе. Мы абняліся і сядзелі. І яна нават такая ціхая трошкі была, хвілін пятнаццаць. А потым прызвычаілася, што я дома, і панеслася.
Як і не было гэтых 2,5 гадоў раставання?
Вольга Філатчанкава: Ну, спачатку здавалася, што так. Але ўсё роўна потым высветлілася, што гэта крыху іншае дзіця. У яе іншыя звычкі. Яна ўжо не любіць тое, што раней любіла. І з’явілася шмат цікавасці да рэчаў, якія раней не цікавілі. Канешне, больш за 2 гады прайшло. А ў гэтым узросце яны, ну, вельмі хутка змяняюцца. Усё ж такі прапушчана шмат. І мне вельмі шкада жанчын, ў якіх яшчэ большыя тэрміны за мой і ў якіх ёсць дзеці — гэта, канешне, вельмі складана.
Читайте также: Политзаключенная Дарья Афанасьева: То, что происходит в женской колонии — фемицид
Вучыць гісторыю
У 20-м годзе вы былі назіральніцай на выбарах і выходзілі на пратэсты, каб вашы дзеці жылі ў вольнай краіне. Любіце ўспамінаць той час?
Вольга Філатчанкава: Гэта было так прыгожа! Гэта быў страшны, але адначасова і светлы перыяд. Не ведаю, як можна разам паставіць гэтыя рэчы, але было шмат такога, што нават дасюль натхняе. І цяпер людзі ведаюць, што беларусы могуць, калі захочуць. І што беларусы класныя.
А вы пераслуховывалі, калі выйшлі на волю, сваё апошняе слова ў судзе? Цяпер сказалі б тое самае?
Вольга Філатчанкава: Ну, канешне! Канешне, таму што студэнты — гэта наша будучыня. А тыя студэнты, з якімі мяне сутыкнуў лёс — мае так званыя падзельнікі, — яны ўвогуле супер-класныя!
Ну і тады трэба было скарыстацца момантам — гэта было маё апошняе слова, і я ведала, што яшчэ не хутка змагу камусьці штосьці прамовіць. Трэба было сказаць ўсё, што я думаю. Я сказала.

Турму часта ўзгадваеце?
Вольга Філатчанкава: Ведаеце, узгадваю, але не так, кшталту: “Сёння я ўзгадваю турму”. Проста гэтая тэма існуе ў жыцці — то хтосьці прыязджае з Беларусі, то кагосьці пасадзілі, то нехта раіцца, што лепей перадаваць у СІЗА ці на зону. Усё роўна гэта так ці інакш закранае былых палітзняволеных. І калі я магу нешта камусьці параіць, я, канешне, гэта раблю. Калі магу некаму дапамагчы — дапамагаю.
Як вы сабе тлумачылі, шо з вамі адбылося?
Вольга Філатчанкава: А што тут тлумачыць? Проста трэба вучыць гісторыю. Як я казала і кажу, гісторыя паўтараецца. Было відавочна, што штосьці адбудзецца. Што калі не пераможам — будуць рэпрэсі і гвалт, як гэта было у часы Савецкага Саюзу.
Ну і ўсё. Для мяне гэта не было ніякой ні загадкай, ні пытаннем — чаму, што? Вось проста так — іначай і не магло адбыцца.
Читайте также: Политзаключенный Дмитрий Некрасов: Повезло, что попал в колонию молодым
Маленькая перамога
Людзі, якія вас ведаюць, называюць вас пазітыўным ураганам. Як у вас атрымівалася ўтаймоўваць сваю энергію ў межах сістэмы?
Вольга Філатчанкава: Я намагалася яе пускаць у іншае русла. Ну і дапамагаць. Туды ж навічкі прыязджаюць. Бачыш: ага, жоўтая бірка — наш — і паказваеш, распавядаеш што трэба, і як не трэба сябе паводзіць. Як зрабіць так, каб нікога не падставіць і каб самому не падставіцца, дзе хто небяспечны, з кім не трэба кантактаваць. Гэта першае.
Другое — я, напрыклад, удзельнічала ў так званым культурніцкім жыцці калоніі, таму што мне было што данесці. І я лічу, што калі тыя ж традыцыйныя спевы прагучаць нават са сцэны калоніі, і калі гэта адгукнецца ў когосьці з прысутных — гэта ўсё адно будзе хоць маленькая але перамога.
Я чытала пра вашы Каляды…
Вольга Філатчанкава: Каляды былі зачотныя.

І каза была?
Вольга Філатчанкава: Усё, як мае быць. У калоніі нельга даваць адзін адному прадукты — нічога нельга даваць. Але для Калядаў трэба, каб госці нешта накідалі ў мех. Мы прынеслі гэтыя продукты. Кожны падпісаў сваё прозвішча. Іх раздалі гледачам, каб у момант, калі хтосьці пойдзе з мехам, кінуць туды. Гэта ўсё было ўзгоднена з адміністрацыяй, таму што нават калі ты пячэньку дасі камусьці, то за гэта можа быць рапарт.
З вамі калядавалі “непалітычныя” дзяўчаты…
Вольга Філатчанкава: З палітычных была адна я. Астатнія былі асуджаныя па 328-м артыкуле, 174-ым. Звычайныя зняволеныя — нармальныя дзяўчаты, якія падтрымалі маю ідэю. Усё вывучылі і класна зрабілі. У гэтым “доме культуры” былі касцюмы, і мы змаглі нешта сабе выбраць. Таму і мядзведзь быў, і каза.
Можа было вылезці з турэмнага дрэс-коду…
Вольга Філатчанкава: Так, калі выступаеш на сцэне, можаш пераапрануцца у нешта цывільнае. І трошкі па-іншаму сябе адчуць.
Читайте также: Политзаключенный Артем Задруцкий: расстреливать необязательно — можно просто не лечить
Не снег дык калюжы
Запомніліся вашыя словы, што жанчынам у калоніі нашмат цяжэй, чым мужчынам. Маўляў, адміністрацыя баіцца, што мужчыны могуць сабрацца і зладзіць бунт. А на жанчынах адрываюцца…
Вольга Філатчанкава: Ну, так. Таму што, калі мужыкам скажуць: “Давайце, цягайце снег за сталоўку, яны скажуць “Вы чаго?”
То бок, мужыкі снег не цягаюць?
Вольга Філатчанкава: Не, не цягаюць. Яны яго прыбіраюць, чыстяць, але для іх гэта проста пайсці і паразмяцца. У нас, канешне, з гэтым вельмі жорстка. Можна было прыйсці з працы, пайсці на гэты снег, і прыйсці ў атрад амаль перад адбоем.
Перад гэтым яшчэ схадзіць на вячэру —таму што гэта абавязкова. Бо на ўсе трапезы ты павінен з’явіцца. Нават, калі не ясі. То бок, увесь атрад ідзе ў сталоўку. Калі ты застанешся ў атрадзе — будзе рапарт. Таму на вячэру — так, схадзілі, і пайшлі далей грэсці гэты снег.
Добра, што зіма ў Беларусі не круглы год…
Вольга Філатчанкава: Так, але ўвесну, улетку ці ўвосень такасама ёсць чым заняцца — калюжыны, якія таксама трэба грэсці.
Не вітацца на волі
Вы не былі парушальніцай…
Вольга Філатчанкава: Не. У мяне не было аніводнага рапарту. Але лічу, што мне проста пашанцалава. Таму што там можна яго атрымаць за што заўгодна — за незашпілены гузік, за тое, што не так паглядзеў, не так павярнуўся.
Да тых, ў кого няма рапарту, больш даверу ад адміністрацыі, чым да “парушальнікаў”?
Вольга Філатчанкава: Ой, яны ж самі ведаюць, як яны гэтыя рапарты выпісываюць. Проста ёсць больш вядомыя і гучныя асобы — да іх, канешне, іншая ўвага. Бывае такое асабістае стаўленне ў супрацоўнікаў калоніі ці СІЗА да таго ці іншага чалавека. Тады яны таксама паводзяцца па іншаму — усё ж асабістае стаўленне ніхто не адмяняў.
Але мне здаецца, што калі б не было ніякага загаду нас прэсаваць, то мы б сядзелі, як звычайныя злачынцы.

У вас была добрая кампанія за кратамі?
Вольга Філатчанкава: У СІЗА — класная, проста суперская. У калоніі таксама знайшліся людзі, з якімі я сябрую і буду далей сябраваць і падтрымліваць адносіны.
Але таксама сярод палітзняволеных часцяком сустракаеш людзей, якія проста не твае. Ёсць і тыя, каго паважаць не будзеш і нават вітацца з ім не будзеш, калі выйдзеш на волю. Але, дзякуй Богу, іх усё ж мізэрная колькасць.
Якія якасці вам прыдаліся ў тых умовах?
Вольга Філатчанкава: Прыдалося, што я шмат чытала пра тое, што можа адбывацца ў турмах: як увогуле гэта працуе, як развівалася гісторыя. Я трошкі была падрыхтаваная — значна больш за студэнтаў. Гэта першае. Па-другое, напэўна, прыдалося і тое, што я не падзяляю свет на чорнае і белае. Я ведаю, што ў гэтым свеце ёсць яшчэ і адценні. Я не вельмі добра стаўлюся да зусім радыкальных людзей. Так, гэта іх пункт гледжання, але для мяне гэта непрымальна. І мне здаецца, што радыкалізм як з аднаго, так і з іншага боку толькі першкаджае.
Ну, і, ведаеце, хоць я, наадварот, чалавек вельмі прамы, заўсёды кажу, што думаю і не заўсёды гэта людзям прыемна, але тут прыйшлося завязаць вось гэта усё ў такі вузел і навучыцца дыпламатыі. Я шмат чаго, наадварот, прыдбала. І шмат чаму навучылася і калі назірала за людзьмі, і калі назірала за сабой. Які б ён не быў дрэнны, усё роўна гэта досвед. І гэта школа жыцця. Ну, я б абышлася, канешне, без яе. Але што ты зробіш?
Читайте также: Бывший политзаключенный Сергей Коршун: «Выйдя на свободу, мы видим безразличие»
Тыдні як лазні
Былі сітуацыі, калі вам за гэтыя 2,5 гады было страшна? І што гэта быў за страх?
Вольга Філатчанкава: Канешне. Па-першае, калі вось толькі прыйшлі да мяне — было страшна. Потым было страшна, як дзеці. Страшна, калі была нявызначанасць — я ж не ведала, ці будуць на мяне ціснуць ці катаваць… А ў калоніі было страшна, што могуць не выпусціць. Але таксама стараешся гэтыя думкі ў нейкі кут загнаць і не весціся на правакацыі арганізма…
Яшчэ страшна было за людзей, над якімі здзекваліся. У нас жа быў 9-ты атрад — так званы прэс-атрад. І калі туды хтосьці з палітычных трапляў, але не ўсе, то звычайна, каб яго прэсавалі. Праз яго шмат хто прайшоў і, канешне, уражанні — не вельмі. То бок там рукамі іншых асуджаных вядзецца барацьба з палітычнымі. Гаворка пра ўсякія падлянкі кшталту вады наліць у боты, адрэзаць гузікі з целагрэйкі — шмат чаго непрыемнага. І калі чалавек апынаўся ў гэтым атрадзе, ён увесь час быў як наэлектрызаваны. Таму што маглі і ўночы там нешта яму зарабіць ўпотайкі. Людзі там вельмі неабароненыя, і за іх было балюча.
Хутка ляцелі дні?
Вольга Філатчанкава: З аднага боку так, з іншага — не. Вось тыдні ляцелі вельмі хутка. Тыдзень, тыдзень, тыдзень. Як лазні. Мы лічылі гэтыя лазні.
Не паспееш азірнуцца — а ўжо лазня. А дні звычайна цягнуліся.
Але дзякуючы працы на фабрыцы час усё ж ішоў трошкі хутчэй. Здавалася б: схадзіў, папрацаваў — і ўжо дзень.
Да таго ж мне на фабрыцы было крыху спакайней. Бо калі ты ў атрадзе — ты увесь час на строме. Увесь час можа аднекуль штосьці прыляцець — ці вобшук, ці нейкая інвентарка — што заўгодна. А на фабрыцы ты прышоў і робіш свою справу.
Спачатку я была ў брыгадзе на пазіцыі лякальшчыцы. Там у закутку быў стол ля велізарнага акна і мяне ніхто не чапаў. Я малявала. Там мне было дастаткова спакойна. Я ўсё разумею — гэта рабская праца, але час проста ішоў хутчэй.
Ці чакалі ў калоніі датэрміновага вызвалення?
Вольга Філатчанкава: Я была ўпэўнена, што дасяджу да канца свайго тэрміна. Ну, у мяне была такая пазіцыя, што ўзрадавацца я заўсёды паспею. Я па дзяўчатах бачыла, як яны чакаюць, чакаюць, чакаюць, а яно не здараецца, і яны вымотваюцца.
Напрыклад, там усе чакалі амністыю ў 22-годзе на 17-га верасня. Ну, канешне, ніхто не дачакаўся. І потым яны даволі доўга хадзілі прыгнечаныя, таму што сапраўды гэтага чакалі. А я як не чакала — ну не было той амністыі, і не было. Канешне было б, крута, калі б вызвалілі раней — не вызвалілі!
Пасля вызваленя вы яшчэ год заставаліся ў Беларусі. Чаму ўсё ж вырашылі прыняць выклік і наноў пачаць сваё жыццё ў іншай краіне?
Вольга Філатчанкава: Я ведала, што буду з’язджаць. Я прыняла гэтае рашэнне яшчэ знаходзячыся ў калоніі. Нейкі час не было магчымасці. А потым, як смажаны певень клюнуў, я паехала.
Читайте также: Две тысячи долларов за иллюзию утопии: беларусов хотят заманить в Северную Корею
Цікавы этап
Сумуеце па доме?
Вольга Філатчанкава: Не дазваляю сабе гэта рабіць, таму што, канешне, я вельмі люблю Мінск, вельмі люблю Беларусь і ведаю, што маё месца там. Тое, што цяпер адбываецца, я ўспрымаю як новы этап жыцця — вельмі цікавы, вельмі пазітыўны этап. Я ўсё ж веру, што мы вернемся, хаця гэта будзе не хутка. Але каб думаць: “Ну вось мы заўтра вернемся, трошкі трэба пацярпець”. Не, я не хачу цярпець, я хачу жыць. Тут і цяпер маё жыццё, і я буду жыць. Я лічу, што такое стаўленне дапамагае адаптавацца.
Вы пераехалі з дачкой. У вас тут сям’я. Наколькі складана ўладковаваць жыцё, калі ты не адзін, калі маеш адказнасць за іншых?
Вольга Філатчанкава: Ну, гэта, наадварот, дададковы стымул. Ну, а што? Ну, Машка і Машка. З ёй весялей. Дзеці — гэта, канешне, заўсёды складана. Нават у нармальных умовах. Усё адно яны растуць, і ў іх змяняецца характар, а яшчэ падлеткавы узрост і ўсё такое… Але мне здаецца, што з дзецьмі і стымулаў больш, і неяк не так страшна.

Як вам падаецца, наколькі добра арганізаваная дапамога палітвязням у эміграцыі?
Вольга Філатчанкава: Я буду казаць пра сябе. Мне — так, мне хапіла, мяне падтрымалі, мне дапамаглі, растлумачылі і паказалі. Мне пашанцавала. Калі я прыехала, казалі, што ў мяне адрэналін. Але я тут паўгода і мой адрэналін нікуды не падзеўся. У мяне ёсць прага штосьці робіць — хутчэй-хутчэй зрабіць і тое, і сёе. Я нават ужо правы кіроўцы змяніла. Ставіш сабе мэту — і ідзеш.
Але я цалкам разумею людзей, якія знаходзяцца ў такім стане, што нічога не могуць. Не таму, што яны такія дрэнныя ныцікі. Яны проста не ў стане. Такім людзям, канешне, патрэбная допамога і псіхалагічная і, бывае, нават, псіхіятрычная.
Але людзі неверагодныя. І я кожны раз дзякую маім любімым беларусам, сябрам, знаёмым, незнаёмым — усім, хто мне дапамагаў.
Вы па-ранейшаму верыце ў беларусаў?
Вольга Філатчанкава: Канешне. Канешне. І маю веру ў беларусаў не спыніць і не стрымаць. Таму што я бачыла, колькі ў нас добрых людзей, і адназначна, што цалкам дрэнных, цьмянных знутры людзей усё ж такі значна менш. Проста яны цяпер мацнейшыя, бо маюць зброю ў руках.
Читайте также: Действующий сотрудник КГБ, бывшие начальники ГОВД: кто отвечает за «безопасность» в университетах Брестской области
* “Справа студэнтаў” — палітычна матываваная крымінальная справа супраць студэнтаў і выкладчыкаў шэрагу мінскіх ВНУ, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020 года. Па выніках суду 12 чалавек былі асуджаны на тэрміны ад 2 да 2,5 гадоў. Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Каментар юрысткі “Вясны” Святланы Галаўнёвай:

У “справе студэнтаў” можна вылучыць некалькі адметных аспектаў. Па-першае, тут акрамя парушэння свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркавання, важна адзначыць яшчэ і прыгняценне акадэмічных свабодаў.
Па-другое, актыўную ролю ў падтрымцы боку абвінавачвання сыграла кіраўніцтва ўніверсітэтаў. Нажаль, універсітэты прынялі бок рэпрэсіўных уладаў і самі фактычна сталі рэпрэсіўнымі органамі.
Па-трэцяе, тое што адбывалася вакол судовых паседжанняў па дадзенай справе — самастойныя сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека. Людзей, якія прыходзілі да суду, каб трапіць на паседжанне, нават не пускалі ў будынак. АМАП разганяў усіх, а тых, хто не сыходзіў адразу — затрымліваў.
Дорогие друзья!
Вы сейчас находитесь на одном из ресурсов команды BGmedia. Мы хотим узнать больше о вас, всех тех, кто нас смотрит и читает. Для этого подготовили анкету. Кликните на ссылку и ответьте пожалуйста на несколько простых вопросов. Это займет всего несколько минут. Спасибо! Оставайтесь с нами! Ваша команда BGmedia. Анкета для друзей BGmedia
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: